КАРМАВА́Я БА́ЗА,
запасы і крыніцы кармоў, якія маюць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. К.б. жывёлагадоўлі ўключае кармы, атрыманыя на ворных землях, прыродных сенажацях і пашы, камбікармы, кармы і кармавыя дабаўкі мікрабіял., хім. сінтэзу, мінер. і жывёльнага паходжання, а таксама пабочных прадуктаў (кармавых адходаў) рыбнай, мяса-малочнай, мукамольнай і харч. прам-сці. На Беларусі ствараецца па трох асн. кірунках: атрыманне найб. выхаду кармавых адзінак і пратэіну з 1 га зямлі пры нізкім іх сабекошце (прадугледжвае павышэнне ўрадлівасці глебы і ўкараненне найб. эфектыўнай агратэхнікі пры вырошчванні кармавых культур, стварэнні высокапрадукцыйных лугоў і пашы); макс. захаванне вырашчанага ўраджаю кармавых культур (выкарыстанне прагрэс. тэхналогій уборкі, нарыхтоўкі і захоўвання кармоў на аснове комплекснай механізацыі); рацыянальнае выкарыстанне нарыхтаваных кармоў (укараненне навукова абгрунтаваных сістэм і рацыёнаў кармлення жывёл). К.б. для дзікіх жывёл — прыродныя і штучна створаныя крыніцы дадатковай падкормкі ў неспрыяльныя для іх існавання перыяды.
т. 8, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)